помнік архітэктуры 19 ст. ў в. Сялец Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1870 з цэглы. У плане — выцягнутая па падоўжнай восі кампазіцыя, што ўключае званіцу, трапезную, асн. аб’ём з бакавымі парталамі, 5-гранную апсіду, да якой прымыкаюць дзяканнік і ахвярнік. Арх.-дэкар. аздабленне засн. на спалучэнні традыцый класіцызму (апрацоўка сцен пілястрамі тасканскага ордэра, прафіляваныя высокія карнізы, абрамленні паўкруглых аконных праёмаў асн. аб’ёму) і характэрных форм маскоўскай архітэктуры 17 ст. (канстр. схема званіцы — васьмярык на чацверыку, шатровы дах з цыбулепадобнай галоўкай, кілепадобныя какошнікі парталаў і вежы-званіцы).